
20 сакавіка ў групе УП-1 прайшла інфармацыйная гадзіна “Пясняр народных дум і спадзяванняў”, прысвечаная 185-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, публіцыста, перакладчыка, грамадскага дзеяча Францішка Багушэвіча.
Гэта яму належаць словы: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».
Навучэнцы падрыхтавалі прэзентацыю з цікавымі звесткамі з жыцця і творчасці юбіляра, а таксама ўзгадалі ўрыўкі з вядомых вершаў паэта. Куратар групы Браніцкая М.К., выкладчык беларускай мовы і літаратуры, правяла віктарыну “Афарызмы і цытаты Ф. Багушэвіча”.
Сапраўды, паэтычны дар, які пакінуў пясняр народных дум і спадзяванняў, з’яўляецца каштоўнейшым здабыткам айчыннай літаратуры. Яго творы – ледзь не першыя, у якіх быў адлюстраваны нацыянальны каларыт беларусаў. І хоць большая частка творчай спадчыны Францішка Багушэвіча не захавалася, але два яго зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» вывучаюцца дагэтуль і дзівяць сваёй праўдзівасцю.
