
Усё, што сёння звязана з імем А. Міцкевіча, адносіцца да гісторыі літаратуры і ўшанавання памяці паэта. Ён належыць да тых нямногіх творцаў, якія яшчэ пры жыцці атрымалі прызнанне сваіх дасягненняў, і веліч створанага ім непадуладна часу.
Дзякуючы выкладчыку каледжа Чарняўскай Н.І. 9 лістапада з групай БД-1 (куратар Браніцкая М.К.) сустрэўся старшы навуковы супрацоўнік Дома-музея А.Міцкевіча М.П. Гайба. Мікалай Паўлавіч расказаў навучэнкам пра помнікі нашаму земляку, адкрытыя як у нашай краіне, так і за мяжой ( а іх, дарэчы, больш за 70!). Дзяўчаты даведаліся пра помнікі ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Францыі, Германіі, Расіі, Турцыі, Украіне, Балгарыі. А ў Беларусі памяць пра паэта ўвекавечана не толькі ў Навагрудку, але і ў Брэсце, Лідзе, Гродне і Мінску. У час сустрэчы навучэнкі асабліва цікавіліся гісторыяй стварэння помнікаў вялікаму паэту ў Навагрудку скульптараў У.Грэка і В.Янушкевіча, а таксама самі адказвалі на пытанні Мікалая Паўлавіча.
