
Беларускі народ мае сыноў-творцаў, што прынеслі яму вядомасць і славу. Побач з дарагімі і святымі для нас імёнамі Скарыны, Купалы, Коласа пачэснае месца займае імя Васіля Быкава. Па яго творах свет спасцігае беларускі народны характар, трагізм гістарычнага лёсу нашага народа.
19 чэрвеня Васілю Быкаву споўнілася б 100 гадоў. Гэтай падзеі была прысвечана інфармацыйная гадзіна “Заўсёды ў памяці народнай”, праведзеная куратарам групы УП-1 Браніцкай М.К. Падчас віктарыны навучэнцы ўзнавілі звесткі пра дзяцінства пісьменніка, яго вучобу ў Віцебскім мастацкім вучылішчы, баявы шлях, жыццё і творчую дзейнасць у Гродне і Мінску, а таксама ўзгадалі вядомыя творы майстра слова.
Сапраўды, творы народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава – гэта не крыніца бліскучых афарызмаў, як “Залатое цяля” альбо “Гора ад розуму”. Гэта не гульня думкі і неверагодныя прыгоды, як дэтэктывы Акуніна ці Данцовай. Кнігі Быкава – гэта любоў да Бацькаўшчыны, выхаванне гонару за яе. А яшчэ за простых людзей, мужных, мудрых і гуманных нават у самых складаных абставінах. “Круглянскі мост”, “Сотнікаў”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Мёртвым не баліць”, “Альпійская балада”, “Знак бяды” і яшчэ шмат твораў, якія варта прачытаць кожнаму беларусу.
