
16 мая у канферэнц-зале каледжа прайшоў творчы вечар і прэзентацыя паэтычнага зборніка «Незамкнёны круг» Ганны Сцяпанаўны Валенцік.
Многія ведаюць Ганну Сцяпанаўну як выкладчыка гандлёва-эканамічнага каледжа, актыўнага ўдзельніка хора ветэранаў «Радасць» і вакальнай групы «Свіцязянка», старшыню раённай асацыяцыі інвалідаў вайны і проста актыўнага і пазітыўнага чалавека. Разам з тым многія, а не толькі родныя і знаёмыя жанчыны, ведаюць яе як паэта, аўтара трох зборнікаў паэзіі. Сёлета дзякуючы ўласным намаганням Ганны Сцяпанаўны, а таксама віцэ-прэзідэнта Мікалая Герасімава і членаў МАПП у Беларусі (міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў і публіцыстаў) Алы Ярмак, Тамары Кавальчук выдадзены ўжо чацвёрты паэтычны зборнік «Незамкнёны круг». Папярэдне Навагрудскага раённая бібліятэка выдавала брашуры з творамі Ганны Сцяпанаўны.
Зборнік вершаў «Незамкнёны круг» – чацвёрты зборнік. Яго выхад быў прымеркаваны да дня нараджэння Ганны Сцяпанаўны – чалавека з багатым жыццёвым вопытам і творчым плёнам. У зборнік «Незамкнёны круг» увайшлі напісаныя ў апошнія гады вершы на самыя розныя тэмы: любові да Навагрудчыны, прыроды і людзей, вершы-прысвячэнні з нагоды юбілеяў, знамянальных падзей. Ганна Сцяпанаўна бачыць у абыдзенным прыгожае, перадае ўласныя пачуцці. Час ад часу аўтар выступае на старонках газеты «Новае жыццё».
Падчас прэзентацыі шмат шчырых слоў прызнання, віншаванняў у адрас Ганны Сцяпанаўны прагучала ад сяброў і калег. Выкладчыкі каледжа дзяліліся цёплымі ўспамінамі пра гады сумеснай працы, сяброўскія адносіны яны падтымваюць і зараз. Гучалі на творчым вечары вершы і песні ў выкананні аўтара, навучэнцаў каледжа і гасцей.
