
5 мая група БД-1 з куратарам Браніцкай М.К. і кіраўніком гуртка “КЛИО” Чарняўскай Н.І. наведалі Музей яўрэйскага супраціўлення.
Падчас экскурсіі навучэнкі пазнаёміліся з гісторыяй супраціўлення яўрэяў Навагрудчыны ў гады Халакоста. Наталля Іванаўна расказала пра трагедыю, якая забрала жыцці 5100 навагрудскіх яўрэяў, і пра супраціўленне нацыстам тых, хто застаўся ў жывых пасля чатырох акцый знішчэння.
Мемарыяльная экспазіцыя размешчана ў былым бараку, дзе ў час вайны знаходзілася яўрэйскае гета. Гэта два пакоі, у якіх узноўлены інтэр’ер барака, рэканструкцыя ўваходу ў тунэль і экспазіцыя, дзе прадстаўлены арганізатары і ўдзельнікі будаўніцтва тунэля.
Нікога не пакінуў абыякавым аповед Наталлі Іванаўны пра жахі жыцця ў гета, гісторыю ўцёкаў і далейшае жыццё тых, каму ўдалося збегчы з фашысцкага пекла. Да слёз кранула гісторыя 12-гадовай яўрэйскай дзяўчынкі Міхлы Сасноўскай, расстралянай фашыстамі.
Наведала група і Сцяну Памяці, дзе ўстаноўлена 227 шыльдачак з прозвішчамі тых, хто выжыў і хто загінуў. А побач са Сцяной Памяці — Сад справядлівасці і міласэрнасці, пасаджаны ў гонар беларусаў і палякаў, якія ратавалі яўрэяў у час фашысцкай акупацыі.
Такія месцы надоўга застаюцца ў памяці. Тое, што перажылі людзі ў гады ваеннага ліхалецця, трэба ведаць і захоўваць памяць для нашчадкаў.
